ПАМЯТИ АНАТОЛИЯ СТЕЦКЕВИЧА-ЧЕБОГАНОВА


26 марта 2019 года после тяжелой неизлечимой болезни ушел из жизни известный исследователь, писатель, меценат, заслуженный деятель культуры Республики Беларусь Анатолий Васильевич Стецкевич-Чебоганов.

Многие годы Анатолий Васильевич занимался исследованием своего рода. И это исследование, как отмечал сам Анатолий Васильевич, со временем переросло в изучение истории Отечества. За годы самоотверженного труда изучено более 40 древних дворянских родов.


“Река моя! Родовод мой! Вы не канули в Лету! Судьбе было угодно, чтобы я стал летописцем вашим”, – отмечал Анатолий Васильевич, который своим основательным генеалогическим исследованием вернул нас, белорусов, к родовой памяти. Основным духовным делом жизни по созданию книжной энциклопедии по генеалогии не только своего рода, но и белорусского дворянства, он показал каждому из нас пример любви и уважения к собственным предкам, к собственной семье, к родным корням и истокам.


Потомок древнего дворянского рода, исследователь белорусской культуры, автор серии книг под общим названием “Я – сын Ваш: Летопись белорусской шляхты”, издание которых осуществлялось по благословению Высокопреосвященнейшего Митрополита Минского и Слуцкого, Патриаршего Экзарха всея Беларуси Филарета.


С 2011 по 2018 год книги Анатолия Стецкевича-Чебоганова выходили в издательстве “Белорусская Православная Церковь” – на русском языке, в редакции журнала “Роднае слова” – на белорусском. Всего вышло 7 фундаментальных томов, из которых читатели узнали о жизненном пути представителей древних дворянских родов Беларуси, среди которых Стецкевичи, Сацкевичы-Стецкевичи герба “Костеша”, Карафа-Корбуты герба “Корчак”, Некрашевичи герба “Любич”, Татуры герба “Донброва”, Севруки герба “Курч”, Керножицкие герба “Юноша”, Моствиловичи герба “Доленга”, Артишевские герба “Роля”, Сыцько герба “Остоя”, Казановичы герба “Гржимала”, Тычины гербов “Тучинский” и “Тржаска”, Ждановичи-Гуриновичи герба “Любич”, Забелло герба “Топор”, Глинские, Лиходеевские, Глинские-Лиходиевские гербов “Глинский”, “Ястребец”, “Ясенчик”; мещанские роды Казанкины и Чебогановы и др.


Летописью-гимном родной земле, ее многовековой истории и простым, обычным и знаменитым людям своего Отечества стали книги “Я – сын Ваш” Анатолия Стецкевича-Чебоганова, за что трудолюбивый исследователь и хранитель отечественного культурного наследия получил специальную премию Президента Республики Беларусь деятелям культуры и искусства. Исследование Анатолия Стецкевича-Чебоганова высоко оценено известными отечественными и зарубежными учеными, творческой общественностью.


Честный, интеллигентный, светлой души Человек, многое сделавший для сохранения белорусской культуры, восстановления храмов и возведения памятников, для возвращения забытых имен…

И пусть наша белорусская земля, которую он любил и почитал как родной сын будет для него пухом, а Всевышний уготовит для него Царствие Небесное.


Верится, что дело, начатое Анатолием Васильевичем, найдет достойное продолжение у последователей.



Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў

Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша»

«Роднае Слова», 5/2010

Мая мама Аляксандра Міхайлаўна паходзіць са старажытнага беларускага роду Сацкевічаў-Статкевічаў.

Назва герба “Касцеша”, паводле легенды, звязана з гісторыяй пра рыцара. Гэты храбры воін, мужнасць якога адзначыў сам кароль Баляслаў I Храбры, прымаў удзел у 1072 г. у бітве пад Сноўскам. Ён змагаўся ў глыбіні варожага стану, не зважаючы на зламаны меч, шматлікія крывавыя раны на целе, расшчэпленую на дзве часткі стралу, што засела ў плячы. Калі закончылася бітва і войска пачало збіраць здабычу, тады і з’явіўся перад каралём Касцеша. Ён стомлена зняў змяты і парыжэлы ад варожай крыві баявы шлем і, паказваючы на сваё зраненае цела, сказаў: “Гэта і ёсць мая здабыча!”

На памяць пра такую адвагу кароль дазволіў храбраму рыцару змясціць у свой герб перакрыжаваныя стралу і меч. Вось і з’явіўся герб, на чырвоным фоне якога – выява раздвоенай стралы, накіраванай угору; у кляйнодзе – над прылбіцай з шляхецкай каронай тры страусавыя пёры. Пазней гэты знак пачалі называць стралой выратавання.

Трэба адзначыць, што герб “Касцеша” быў вельмі папулярны і ў ХIХ ст. Напрыклад, яго насіла адна з яхтаў расійскіх імператараў.

Як сведчаць архіўныя дакументы, “фамилия Стецкевич, употребляющая сей герб, была знатной с древних времен польских и удостоена шляхетского звания и привилегиями тому положению присвоенными продолжает пользоваться до нынешнего времени”.

У ХV ст. каля Нясвіжа, у сваім маёнтку Сачкевічы на Ліпах жыў баярын Сацкевіч. У яго было два сыны – Мікіта, ад якога бярэ пачатак наш род, і Багдан – родапачынальнік Сацкевічаў-Ліпніцкіх. У сваю чаргу Мікіта меў сем сыноў, аднаго з якіх звалі Сцяцко. У Сцяцко ж было тры сыны – Фядко, Лявон і Іван. Пачынаючы менавіта з Івана наша родавая галіна стала называцца Сацкевічы-Статкевічы. Відавочна, што ад імя яго бацькі бярэ пачатак прозвішча Статкевіч, а ад назвы вотчыннага маёнтка Сачкевічы на Ліпах далучыўся да прозвішча прыдомак Сацкевіч.

Дарэчы, гэты маёнтак з паэтычнай назвай таксама перайшоў Івану ў спадчыну ад бацькі. Здаецца, так і бачыш гэтыя высокія ліпы ў пару цвіцення, чуеш гул пчол і ўдыхаеш паветра, напоўненае непаўторным пахам мёду…

Як адзначана ў кантракце паміж Іванам Сацкевічам-Статкевічам і Мікалаем Радзівілам Чорным, нашы землі “ўпіраліся ў сцены палаца Нясвіжскага”. Суседзі вырашылі ўпарадкаваць свае “грунты”. Перамовы вяліся доўга і складана. Яно і зразумела: нашы продкі заўсёды цяжка расставаліся з родавымі гнёздамі, з тым, што было такім дарагім душы і сэрцу. Але давайце звернемся да кантракта-прывілея, да якога “прывешана пячатка ўвесістая Вялікага Княства Літоўскага і подпіс рукі найяснейшага караля Яго Міласці Жыгімонта Аўгуста”. Як відаць з дакумента, сам “…Жыгімонт Аўгуст божаю міласцю кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, жамойцкі, мазавецкі, інфлянцкі” блаславіў здзелку і зацвердзіў яе ў кастрычніку 1562 г. “…Ваявода Віленскі, маршалак земскі, канцлер наш Вялікага Княства Літоўскага, староста Берасцейскі і Ковенскі, дзяржаўца Шавельскі, пан Мікалай Радзівіл… уладкаваў замену вячыстую з зяменінам нашага ваяводства Новагародскага панам Янам Статкевічам-Сацкевічам, ад якога выменяў Яго Міласць да палаца свайго Нясвіжскага маёнтак яго і душное, усё, што ён меў на Сацкевічах-Ліпах побач з Нясвіжам, а Яго Міласці ў адмену даў і на вечныя часы саступіў сёлы свае Нясвіжскія Валожычы і Юраўшчызну ў Куковічах ва ўсім, яко ж тыя сёлы ў сабе маюць з людзьмі, і землямі, і дрэвам бортным, з сенажацямі, рэчкамі, і з ловамі звярынымі, і птушынымі, і рысінымі, і бабровымі гонамі… і яшчэ да таго прыдаў Яго Міласць сумаю пенязямі трыста восемдзесят коп грошай… і па жаданні нашым пячаткі свае да сяго нашага ліста прыклалі.

Пан Скумін Львовіч Тышкевіч, маршалак яго каралеўскай міласці, дзяржаўца чарнобыльскі; князь Іван Крошыцкі, дзяржаўца упіцкі; князь Багдан Цімафеевіч Пузына.

Пісан у Вільні. Года ад нараджэння сына Божага 1562 месяца кастрычніка 9 дня”.

Такім чынам, з гэтага часу ўладальнікам маёнткаў Валожыцы і Куковічы стаў Іван Сацкевіч-Статкевіч. У далейшым яны былі падзелены паміж яго сынамі. Чытаем архіўны дакумент: “Я, Ян Іванавіч Статкевіч, зацвярджаю сім маім лістом, каму пра гэта ведаць патрэбна… што каторыя маёнткі пасля смерці бацькі нашага, нябожчыка пана Івана Статкевіча, гэта значыць Валожыцы і Куковічы ў павеце Новагародскім, адпісаныя на нас чатырох братоў, засталіся, і мы, жадаючы раздзел вячысты паміж сабою, застанавілі і раздзялілі есма тыя маёнткі на чатыры часткі адпаведна праву спадчыннага раздзелу”. Дарэчы, чатырох згаданых братоў звалі Валянцін, Іван, Якаў, Аляксандр, і ад першага з іх ідзе далей мой род.

У Валянціна нарадзіліся сыны Севярын і Крыштоф. У будучым Севярын саступіў сваю частку маёнтка брату.

З закладной ад 15 ліпеня 1654 г. мы даведваемся, што Гаўрыіл, сын Крыштофа Сацкевіча-Статкевіча, і яго жонка Кацярына Галінская перадалі ў шасцігадовае карыстанне Яну Маневічу частку маёнтка Валожыцы з сялянамі і ручаліся пры гэтым за свайго сына Іаахіма (Яхіма).

Сацкевічы-Статкевічы да XVIII ст. жылі ў асноўным каля Нясвіжа ў сваіх родавых маёнтках Валожыцы і Куковічы ў Юраўшчызне. Аднак прадстаўнікі нашай галіны Яўхім Статкевіч і яго сын Сямён у першай палове XVIII ст. перабраліся ў бойкае купецкае мястэчка Пясечнае (Капыльскае княства), працягваючы пры гэтым валодаць часткаю маёнтка Валожыцы.

З інвентароў Капыльскага княства за 1669 і 1693 гг. вядома, што ў Пясечным па вуліцы Філіпаўскай пражывалі Рыгор і Сімяон – мае продкі з роду Астрэйкаў.

Гэтыя нёманскія мясціны былі роднымі і для яшчэ аднаго прадстаўніка нашага роду – беларускага паэта Анатоля Астрэйкі.

У пачатку ХVIII ст. тут з’явіліся шляхецкія фальваркі і засценкі – Рулёва, Астрэйкі, Броды, Шамаў. Дарэчы, засценак Рулёва шляхціч Якаў Статкевіч атрымаў у арэнду ад Нясвіжскага кляштара бернардзінцаў. Якаў быў не толькі шчырым вернікам, але і, як сведчаць некаторыя дакументы, часта ахвяраваў на храм немалыя сумы грошай, за што і атрымаў падзяку ад архіепіскапа Мінскага і Гродзенскага Ніканора.

У 1827 г., калі Якаву было ўжо за 50 гадоў, памерла яго жонка Параскева Кандрацьеўна Астрэйка. Мой родзіч не захацеў заставацца бабылём, ажаніўся другі раз з Ганнай Ільінічнай з Гарэлікаў, якая праз год нарадзіла яму сына. Назвалі яго Сільвестрам. Затым у сям’і з’явіліся яшчэ два сыны, прычым абодва 8 лістапада – удзень святога архангела Міхаіла. Вось такое супадзенне! І назвалі братоў Міхаіламі. Але і ад першай жонкі Параскевы ў Якава Сямёнавіча было два сыны – мой прапрадзед Вікенцій і яго брат Васіль. Вядома нам і дата вянчання Вікенція з 18-гадовай шляхцянкай Марыяй Забэла, рымскага веравызнання. Адбылося яно 15 кастрычніка 1839 г. у Пясечнінскай Пакроўскай царкве.

Калі не стала бацькі, сыны Якава Сямёнавіча купілі зямлю ў Малінава пад Глускам. Яны даведаліся, што памешчык Маліноўскі прадае там маёнтак, і вырашылі разам са сваімі родзічамі Забэла, Карафа-Корбутамі, Сыцько набыць яго.

Яшчэ да пераезду з маёнтка Рулёва ў Малінава ў Вікенція Якаўлевіча і Марыі Андрэеўны Статкевічаў нарадзіўся сын Іван. Хрысцілі яго 23 лістапада 1847 г. у той жа Пакроўскай царкве. Але рос і выхоўваўся мой прадзед Іван пад Глускам. Там, у Малінава, і жонку сваю сустрэў, Наталлю. Дзед яе Іван Карафа-Корбут, як ужо адзначалася, купіў гэтыя землі разам з Вікенціем Статкевічам.

МОЙ ДЗЕД – МІХАІЛ ІВАНАВІЧ САЦКЕВІЧ-СТАТКЕВІЧ

У матэрыялах гістарычнага архіва захавалася прашэнне двараніна Бабруйскага павета Івана Вікенцьевіча Сацкевіча-Статкевіча ў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход, пададзенае 26 лютага 1896 г. У ім гаворыцца: “Гонар маю прасіць прылічыць да дваранскага роду сына майго Міхаіла Іванавіча і справу аб сім прадставіць у Сенат на зацвярджэнне”. Просьба гэтая сенатам была задаволена.

Клопат бацькі пра свайго нашчадка зразумелы: ён быў адзіным сынам і з’явіўся на свет не першым. Да гэтага часу нараджаліся толькі дзяўчынкі, акрамя Міхаіла ў сям’і было яшчэ восем дачок, а ў справу аб дваранскім паходжанні запісвалі толькі мужчын, таму патрэбны быў прадаўжальнік роду.

Нараджэнне хлопчыка ў сям’і стала надзвычайна радаснай падзеяй. Паступова сын рос, сталеў. Бацька разумеў, што ў Малінава яму будзе цесна: мала зямлі, развярнуцца няма дзе. Даведаўшыся, што на Любаншчыне прадаецца маёнтак Засмужжа, Іван Вікенцьевіч папрасіў дапамогі ў блізкіх родзічаў – Карафа-Корбутаў, Рудзінскіх, Тычынаў. Але перамовы пра пакупку ішлі вельмі цяжка, амаль два гады.

Калі, здавалася, усе пытанні былі нарэшце вырашаны, зноў знайшоўся адзін з пакупнікоў, які ў апошні момант адмовіўся ад свайго надзелу. Паўстала пытанне: або пачынаць новы перадзел, або гэты ўчастак прапанаваць сялянам, якія хацелі яго купіць. Але прапанаваць зямлю сялянам – значыць жыць па-суседску з людзьмі іншага саслоўя і, магчыма, парадніцца з імі. А гэтага шляхта баялася больш за ўсё. Такія абставіны выклікалі не меншыя спрэчкі, чым падзел зямлі. Тады пакупнікі вырашылі ўзяць у сваю кампанію шляхту, якая не была зацверджана ў дваранстве, і тых сялян, што лічыліся моцнымі гаспадарамі. Так да дваран, якія выкуплялі маёнтак Засмужжа, – Сацкевічаў-Статкевічаў, Карафа-Корбутаў, Тычынаў, Рудзінскіх, Кунцэвічаў і Бараноўскіх – далучыліся Шуневічы, Міхневічы, Зубовічы, Марціновічы, Ляпкі і Басякі.

Хутка Іван Вікенцьевіч разам са сваёй сям’ёй і сынам Міхаілам перабраліся на новае месца. Малады гаспадар адразу стаў лідэрам сярод сваякоў саўладальнікаў маёнтка Засмужжа, якія выбралі яго старастам. Вылучаўся Статкевіч сваёй разважлівасцю, гаспадарчай хваткай. Да яго ішлі па дапамогу і параду. Ён стаў пастаянным удзельнікам многіх нарад па зямельных пытаннях, быў у сваім павеце паважаным чалавекам.

Пасля падзей 1917 г. у Статкевіча і яго родзічаў абрэзалі землі, пакінуўшы толькі невялікі надзел. З іх сталі здзекавацца, пазбавілі выбарчых правоў.

У кастрычніку 1929 г. у Міхаіла і Марыі Статкевічаў нарадзілася трэцяе дзіця, на дзіва спакойны, усмешлівы, блакітнавокі хлопчык Мікалай. Бацька не мог наглядзецца на яго. Знік сум, з’явілася мэта ў жыцці. Аднак бяда пастукалася ў той жа год. Калі Міхаіла Іванавіча арыштавалі, ён сказаў жонцы:

– Беражы дзяцей, я хутка вярнуся.

Хоць Статкевіч і не верыў новай уладзе, але думаў, што злітуюцца, бо нікога не забіваў, не рабаваў, не ваяваў супраць бальшавікоў. За што яго судзіць? Але ў Бабруйскім выпраўдоме, куды даставілі яго разам з дваюрадным братам Васілём Пятровічам Карафа-Корбутам, на былых дваран глядзелі інакш. Абвінавачванні былі стандартныя: супраціўляліся стварэнню калгасаў, агітавалі супраць улады бальшавікоў, члены антысавецкай банды…

Іх расстралялі раніцай 6 красавіка 1930 г., па сутнасці, без суда і следства.

Лёс Міхаіла Іванавіча трагічны, але вобраз яго светлы. Усё жыццё гэтага чалавека – праца на зямлі, служэнне грамадству – прыклад для сучаснага пакалення Статкевічаў. Мне здаецца, дзед насуперак жыццёвым абставінам ніколі не пакідаў родныя мясціны, бацькоўскі дом і заўсёды жыў і будзе жыць у сэрцах нашчадкаў.

МАЯ БАБУЛЯ – МАРЫЯ АЛЯКСАНДРАЎНА КАРАФА-КОРБУТ

Калі толькі на хвіліну ўяўляю, што выпала на долю маёй шматпакутнай бабулі, слёзы набягаюць на вочы, перахоплівае дыханне. Хочацца кінуцца праз гады, абараніць і сагрэць яе.

…Цягнік імчаў на ўсход. У халодных вагонах – людзі. У кутку, накрываючы сваіх маленькіх дзяцей, сядзела яшчэ маладая жанчына. Здагадвалася яна, што Міхаіла Іванавіча ўжо няма, і з трывогай думала, што чакае іх наперадзе. Не за сябе турбавалася, а за дзяцей, асабліва за Колечку, якому было ўсяго некалькі месяцаў.

Комі-Пярмяцкая акруга, куды іх прывезлі, заўсёды славілася суровым кліматам. Асабліва яго сцюдзёнае дыханне адчувалася ў тайзе, дзе ім загадалі выгружацца. Ні жылля, ні часовых пабудоў. Суцэльны лес ды глыбокі снег. І толькі недзе ўдалечыні былі відаць дамы вёскі Вялікі Пальнік. Нехта з жаласлівых ахоўнікаў параіў жанчыне:

– Схадзіце туды, можа, дадуць прытулак на час, у вас жа на руках немаўля.

Яна пайшла наўздагад. Нешта падказвала ёй: тут абагрэюць. Так і здарылася. У хаце жыла сям’я, у якой не было сваіх дзяцей. Будыніна аказалася прасторнай, знайшлося месца і для прыезджых. І галоўнае, што гаспадары не касіліся на іх, былі добрымі людзьмі. Жонка гаспадара дома доўга ўгаворвала беларуску:

– Пакінь, Марыя, мне свайго блакітнавокага Колечку. Не выжыве ён там, у лесе.

Марыя Аляксандраўна і яе дзеці перажылі тую цяжкую зіму, вытрымалі. А пасля прыйшла радасная навіна: адшукаў іх сваяк з?пад Слуцка Мікалай Лазоўскі, які дапамог грашыма на дарогу. І жанчына вырашыла выпрабаваць лёс. Аховы на пасяленні ніякай не было. Можа, і не заўважаць знікнення?

І вось яны зноў у Беларусі, сярод сваіх. Першае пытанне: ці няма якіх-небудзь навін пра мужа? Але родзічы толькі адводзілі вочы…

Трывога на душы была недарэмнай: Марыю Аляксандраўну зноў адправілі этапам у Комі-Пярмяцкую акругу. Але яна ненадоўга затрымалася там, зноў рашылася на пабег. І паехала не да далёкіх родзічаў, а ў сваё роднае Засмужжа. Надзіва, яе і дзяцей ніхто не зачапіў. Аднак у 1937 г. арыштавалі за тое, што ў яе, жонкі ворага народа, не аказалася пашпарта.

У лагеры ў Ніжнім Ноўгарадзе прабыла Марыя Аляксандраўна да пачатку 1941 г. Можа, за прыкладныя паводзіны або сумленную працу ёй зменшылі тэрмін. І нават выдалі новы пашпарт, які і сёння як рэліквію захоўваем у сям’і…

Я лічу, што мая бабуля здзейсніла сапраўдны подзвіг. Подзвіг мацярынства і чалавечай годнасці. Столькі пакут выпала на яе долю, а яна не скарылася, не ачарсцвела, не замкнулася ў сваім горы. Памятаю яе толькі жыццярадаснай. Яна ніколі ні на што не скардзілася, заўсёды была прыветлівая. Незабыўная карціна: бабуля сядзіць на лаўцы каля свайго дома, а ўсе, хто ні праходзіць, спыняюцца, сядаюць побач з ёй, каб пагаварыць. Яна была абаяльным чалавекам, спагадлівым, усім старалася дапамагчы, нешта параіць, падказаць. А нас прымушала вучыцца, асабліва ўнукаў. Дарэчы, задоўга да школы яна навучыла мяне чытаць і пісаць, а яшчэ вельмі ганарылася нашымі поспехамі, добрымі адзнакамі.

…Студэнтам я працаваў у будаўнічым атрадзе. Атрымаўшы першы ў сваім жыцці заробак, я захацеў зрабіць бабулі прыемнае і купіў ёй прыгожую хустку, якая ў той час чамусьці называлася тараноўкай. Бабуля моцна расчулілася, заплакала і сказала, што тую хустку будзе ўсё жыццё берагчы і каб яе ў ёй пахавалі. Бабуліны пачуцці перадаліся і мне, з сумам падумалася, што, магчыма, яна атрымала першы ў сваім жыцці падарунак. У адно імгненне пранеслася перада мной уся яе нялёгкая доля.

Калі мне бывае адчайна цяжка, я ўспамінаю бабулю, якая ўсё вытрывала. Вытрываю і я.

МАЯ МАМА – АЛЯКСАНДРА МІХАЙЛАЎНА СТАТКЕВІЧ

Успамінаючы маму, заўсёды думаю, колькі выпрабаванняў давялося ёй прайсці. У шэсць гадоў апынуцца ў ссылцы ў невядомым глухім краі, дзе ў люты мароз сярод бясконцых снягоў трэба было выжываць. Холад, голад, безнадзейнасць. Але ўсё стрывала, вынесла гэтая кволая дзяўчынка.

Калі ў 1937 г. бабулю ў трэці раз арыштавалі і адправілі па этапе на Волгу, мая мама і двое яе брацікаў засталіся адны. У іх і даху над галавою не было. Бацькоўскі дом за час ссылкі засялілі, там гаспадарылі іншыя людзі. Давялося спаць у кузні, бо там было цёпла і каваль аказаўся добрым чалавекам. А вось каб пракарміцца, давялося жабраваць, самага малодшага Колечку пасылаць у другую вёску хадзіць з працягнутай рукой. Ён увесь час капрызіў, не хацеў туды ісці. Яно і зразумела: вясковыя хлапчукі абражалі, кідалі ў яго камяні, дражнілі крывапіўцам. Але хлопчыку вешалі торбу на шыю і зноў выпраўлялі ў Абчын. Добра, што старшыня мясцовага калгаса Аляксандр Іванавіч Свінко пашкадаваў сірот: замацаваў за імі жанчыну, якая гатавала для дзяцей абеды. Учынак кіраўніка быў вельмі смелы для таго часу.

Калі маме было 15 гадоў, яе не прымалі ў камсамол, не пускалі на танцы, усяляк прыніжалі. Нейкая перспектыва з’явілася толькі пасля паспяховага заканчэння Слуцкага педвучылішча ў 1941 г. – адкрывалася дарога ў самастойнае жыццё. Але пачалася вайна, што стала для мамы новым цяжкім выпрабаваннем.

Характэрна, што яе браты, мае дзядзькі, зведаўшы столькі пакут, не затаілі злосці на ўладу. Наадварот, падлеткамі пайшлі ў партызаны і мужна змагаліся з агульным ворагам. У канцы 1943 г. немцы пачалі наладжваць аблавы і хапаць дзяўчат і хлопцаў для работы ў Германіі. У іх лапы трапіла і мая мама. Успамінаючы, яна горка жартавала:

– Да гэтага пераследавалі за тое, што мы быццам супраць бальшавікоў, а пасля – за тое, што з бальшавікамі…

Маму завезлі на станцыю Урэчча, дзе беларускую моладзь рыхтавалі да адпраўкі, але ў тыя дні лютаваў тыф. Захварэла на яго і мая мама. Фашысты вельмі баяліся гэтай хваробы. Дзяўчыну з высокай тэмпературай тэрмінова завезлі ў любанскую бальніцу. Немец-урач, аглядзеўшы яе, махнуў рукой: не жылец на гэтым свеце. Ён праявіў незвычайную міласэрнасць, не выкінуў у барак для тыфозных, дзе ніхто не даглядаў хворых, а папрасіў жанчыну, якая прыехала за паміраючым мужам, забраць маю маму з сабой і завезці дадому: можа, родныя сцены вылечаць, свежае паветра паставіць на ногі.

У дарозе таксама здарылася нешта незвычайнае, быццам анёл-ахоўнік аберагаў няшчасную. Падвода рухалася павольна, і яе абагнала павозка, на якой ехалі жыхары Засмужжа. Толькі яна схавалася за паваротам, як прагрымеў выбух. Аказалася, дарога была замініравана. Міна, пэўна, прызначалася фашыстам, але на яе натрапілі свае, мірныя грамадзяне.

Мама часта ўспамінала той выпадак і лічыла, што Бог выратаваў яе ад вернай смерці. Ён і тыф дапамог пераадолець. Дома яе адпаілі малаком, сагрэлі клопатам і ўвагай. Дзяўчына паправілася, расквітнела, стала вельмі прывабнай. Недарэмна яе ў 1944 г. заўважыў былы партызанскі камандзір Васіль Чабаганаў. Ён ваяваў у пухавіцкіх лясах, а калі прыйшла Савецкая Армія, быў адпраўлены ў Маскву на вучобу, пасля чаго прыехаў у любанскі край упаўнаважаным па нарыхтоўках. А мама мая там жа працавала бухгалтарам, яе паважалі, прыводзілі ў прыклад. За ўсё сваё працоўнае жыццё яна так і не пабывала ў адпачынку. Не памятаю, каб яна калі-небудзь сядзела склаўшы рукі. Маці-гераіня, яна нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей. Марыла, каб кожнае яе дзіця атрымала вышэйшую адукацыю. І дамаглася свайго: усе мы скончылі прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, нехта нават з адзнакай. Мама вельмі ганарылася гэтым, бо жыла толькі дзеля нас.

Памерла яна на 80-м годзе жыцця. Пахавана на Паўночных могілках у Мінску. Яна сама так вырашыла, бо не хацелася ёй ляжаць у Засмужжы, дзе перажыла столькі гора і пакут.

Там, дзе знайшла апошні спачын мая мама, усталяваны помнік і адначасова мемарыял усім маім рэпрэсіраваным у 1930-я гг. родзічам: мама ў тужлівай паставе абапіраецца на старажытную амфару з дваранскімі гербамі яе бацькоў – Статкевічаў і Карафа-Корбутаў. Каля ног мамы – крыж, на якім увекавечаны прозвішчы тых яе блізкіх, чые магілы невядомы:

бацькі Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча (расстраляны 06.03.1930 г.); брата Івана Міхайлавіча Сацкевіча-Статкевіча (загінуў у ссылцы ў 1930 г.); дзядзькі Васіля Пятровіча Карафы-Корбута (расстраляны 06.03.1930 г.); дзядзькі Георгія Аляксандравіча Карафы-Корбута (лёс невядомы).

Жыццё Георгія Аляксандравіча таксама склалася трагічна. Па дарозе ў ссылку ён моцна захварэў, быў разлучаны з блізкімі, і да гэтага часу лёс яго невядомы. Сям’я ж Георгія Аляксандравіча так і засталася назаўсёды ў Комі-Пярмяцкім краі…

МОЙ ДЗЯДЗЬКА – ІВАН САЦКЕВІЧ-СТАТКЕВІЧ

Лёс Івана Сацкевіча-Статкевіча займае асаблівае месца ў памяці нашай сям’і.

Гэта быў адораны і вельмі працавіты чалавек. Пасля Слуцкай гімназіі, якую закончыў з адзнакай, у інстытут яго не прынялі, бо паходзіў з дваранскага роду. Паступіў у Слуцк на фізіка-матэматычныя курсы, паспяхова закончыў іх. Але ўжо ішоў трагічны 1930-ы год, і лёс дзядзі Вані, якому толькі споўнілася 22, быў прадвызначаны.

Разам з Мікалаем, сынам нашага блізкага родзіча Васіля Пятровіча Карафы-Корбута, якога расстралялі разам з маім дзедам у Бабруйску, іх выслалі ва Уральскую вобласць на лесапавал…

Думка пра пабег, відаць, прыйшла да іх адразу.

Галоўнае – сесці незаўважанымі на цягнік і дабрацца да Любаншчыны, а там – сваякі…

У канцы жніўня змоўшчыкі рушылі ў дарогу, і без усялякіх перашкод вярнуліся ў родныя мясціны.

Пазней, ратуючыся ад пераследавання, хлопцы вырашылі падацца ў Польшчу. Правадніка яны адшукалі адразу. Ім згадзіўся быць малодшы брат Мікалая Вася. Ён збіраўся таксама застацца на польскім баку. Дамовіліся, што пераходзіць мяжу будуць раніцай, калі ўсе спяць, а ўвага вартаўнікоў прытупляецца. У пачатку верасня, на зыходзе дажджлівай ночы, выправіліся ў дарогу. І зноў ім шанцавала, усё было ціха і спакойна. Уцекачы ўжо думалі, што яны на польскім баку і, радасныя, вырашылі раскласці вогнішча, каб хоць трошкі сагрэцца.

Трое маладых людзей схіліліся над агеньчыкам, калі раптам, быццам гром сярод гулкага рання, прагучала:

– Стаяць! Рукі ўверх!

Уцекачы азірнуліся: чырвонаармейцы! Загрымелі стрэлы. Мікалая паранілі ў жывот. Івана схапілі пагранічнікі. А 14-гадовы Вася знік, засталася толькі шапка. Затрыманыя толькі пазней даведаліся, што да польскай мяжы заставалася ўсяго 100 метраў…

Родзічаў паўторна судзілі. На пытанне следчага пра мэту ўцёкаў, як стала вядома з дакументаў, дзядзя Ваня шчыра адказаў: “Не мелі ў СССР чалавечых правоў”. Ім далі пяць гадоў строгага рэжыму і адправілі ў горны Казахстан. Зноў глухія мясціны, лесасплаў. Іван быў пісьменным чалавекам. Яго прызначылі рахункаводам, і гэта давала надзею на тое, што ён можа выжыць. Але аднойчы здарыўся аўрал: не выконваўся план. Усё рабілася ў спешцы. Адзін плыт дрэнна прымацавалі, і калі Іван з Мікалаем узышлі на яго, ён адразу перавярнуўся. Абодва апынуліся ў ледзяной вадзе, пакуль выбіраліся, моцна прамерзлі, пачаўся жар. А доктара і лекаў не было. Мікалай выжыў, а Івана пахавалі…

Вось так склаліся пакутныя лёсы маіх дзядзькаў, на прыкладзе якіх можна прасачыць лёс краіны ў тыя далёкія і няпростыя гады.

МОЙ СЯБРА ВЯЗ

Адны з самых яскравых успамінаў дзіцячай пары: на тэрыторыі нашай зямлі, якая адышла ўжо да калгаса, рос велічэзны, у некалькі абхватаў вяз, пасаджаны маімі продкамі ў ХІХ ст. Дрэва стала маім любімым, пад ім я і правёў юнацкія гады. Там я марыў пра будучыню, планаваў нешта, але часцей за ўсё пад гэтым вязам мы гулялі з вясковымі хлапчукамі. Дарэчы, на нашым вязе гняздзіліся буслы, і мы любілі назіраць, як птушаняткі мацуюць крылы.

У 1960-я гг. вяз хацелі выкарчаваць: вельмі ганарліва стаяў ён пасярод калгаснага поля і перашкаджаў сеяць кукурузу квадратна-гнездавым спосабам. Зачапілі яго двума магутнымі трактарамі, што называліся “Сталінцамі”, пацягнулі, але тросы лопнулі – вяз устаяў.

І вось не так даўно прыязджаю я ў вёску, а вяза няма. Упаў ад старасці. Для мяне гэта было знакавае дрэва, якое звязвала з мінулым, з любімымі мясцінамі. Я прыязджаў, ішоў да яго, слухаў шэпт лістоты, як далёкую песню, дакранаўся да кары і згадваў мінулае… І вось вяз упаў, а з ім рухнула нешта важнае, што так вабіла мяне ў Засмужжа. З таго дня я пачаў рэдка ездзіць у родную вёску. Але зялёны сябра стаяў заўсёды перад вачыма.

Прайшоў час. І я захацеў пасадзіць вяз каля свайго дома. Якраз на Любаншчыну ехаў мой сябар, і я папрасіў яго знайсці добрае дрэўца. Ён выканаў маю просьбу. Палюбаваўшыся на палескага прыгажуна, мы адразу пачалі пасадку. Я ўзяў лапату, пачаў капаць, і тут здарылася загадкавае. У мяне ніколі раней не ішла кроў з носа, а тут проста хлынула. Думаю, гэта здарылася ад моцнага перажывання, навеянага ўспамінамі. Прыяцель спужаўся, прыбегла ўсхваляваная жонка…

На жаль, вяз не прыняўся: зайцы зімой аб’елі кару. Звычайна яны ласуюцца карой садовых дрэў, а тут чамусьці на вяз напалі. Пасля гэтага сябры ў мой юбілей на гэтым месцы пасадзілі дуб. І дуб прыжыўся.

Але пра вяз я не забыўся.

Цяпер недалёка ад гэтага дуба расце рэдкі плакучы вяз. Расце і плача. Галінкі ляжаць на зямлі і сцелюцца па ёй, як памяць пра майго расстралянага дзеда, памяць пра ўсіх родзічаў, якім шмат давялося перажыць у далёкія 1930?я гг., як памяць пра страчанае і знесенае ветрам пакаленне беларускай шляхты…

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Пераклад з рускай мовы.
Працяг будзе.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса.

Все статьи »